КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г. ням. культуролаг Л.Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.Шпенглера — развітыя культуры, А.Тойнбі — цывілізацыі, П.Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.

В.Л.Салееў.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)